У цікавае падарожжа можна адправіцца з аўтарамі нарыса «Гродна нябачны», які ўвайшоў у склад новага зборніка гродзенскіх аўтараў. А ўсяго ў выданні змешчана каля сотні розных твораў — артыкулаў, апавяданняў, замалёвак, вершаў і песень. Усе яны аб’яднаны адзінай тэмай — любові да горада — сучаснага і старажытнага. Таму і назва ў зборніка адпаведная — «Лепшы горад зямлі».

00.jpg

Наталля Чакліна-Гарбачова жыве ў Гродне з 1970 года і лічыць горад сваёй другой радзімай. Яна — самы ўзроставы аўтар зборніка, але нават у свае 90 гадоў пастаянна ўдзельнічае ў рабоце гарадскога аматарскага калектыву «Надзея», які не адно дзесяцігоддзе аб’ядноўвае творчых асоб горада над Нёманам. На яе думку, Гродна — гэта горад мары і горад паэтаў.

Да шуму горада прыслухалася паэтка Кацярына Каламійцава, і яна пачула ў ім гукі жыцця, шэпат дрэў, гудзенне машын, шум дажджу. Свой верш яна так і назвала «Шум горада». Дарэчы, верш пакладзены на музыку і неаднаразова гучаў у выкананні музыкантаў-аматараў. Дзякуючы вершам, можна ўявіць аблічча горада ў кожную пару года.

У зборнік увайшло апавяданне пра тое, як важна апынуцца дома, — прайсціся па пешай вуліцы гістарычнага цэнтра, зайсці у Фарны касцёл, Каложскую царкву, Стары замак, выпіць кавы ва ўтульнай кавярне.

Гісторык-архівіст прадставіла ў зборніку пазнавальны артыкул аб музычным Гродна XVІ — пачатку XX стагоддзя. Адзін з першых аркестраў — літоўская капэла — быў створаны ў Гродне яшчэ ў 1543 годзе. На пачатак XVІІ стагоддзя ў ім налічвалася 15 музыкантаў і спевакоў. Самай яркай старонкай у развіцці музычнай культуры тых часоў стаў перыяд праўлення Антонія Тызенгаўза, які стварыў у горадзе музычную школу. У гэты ж перыяд у Гродне пачаў дзейнічаць першы пастаянны тэатр пад кіраўніцтвам Саламеі Дэшнер. Разам з драматычнымі спектаклямі ставіліся і оперы. Архіўныя дакументы расказваюць, што Гродна наведвалі вядомыя музычныя і тэатральныя трупы. На працягу стагоддзяў тут існавалі творчыя традыцыі, і гродзенскі глядач быў гатовы да ўспрымання шэдэўраў сусветнага мастацтва.

У зборніку прыцягвае ўвагу нарыс, які выйшаў у сааўтарстве Дзмітрыя Радзівончыка і Сяргея Трашко. Яны ўбачылі Гродна такім, якім ніхто яго да гэтага часу не бачыў. Гэта свайго роду творчы эксперымент, фантасмагорыя.

— Такі вобраз горада мне дапамог адкрыць мой сябар Сяргей, гэта была яго ідэя, — расказаў гродзенскі пісьменнік Дзмітрый Радзівончык. — Мы выкарысталі эфект адсутнасці як мастацкі сродак, правялі яго праз усю кампазіцыю нашага нарыса. Гэта свайго роду падарожжа па часе.

Разам са здымкамі Гродна паўстае ў невядомым ракурсе. Немагчыма ідэнтыфікаваць эпоху апісаных і сфатаграфаваных мясцін. Як удакладняе пісьменнік, гэты незвычайны вобраз не ўвойдзе ў турыстычныя праспекты і даведнікі, тым не менш ён цікавы.

— На гербе Гродна галоўная выява — алень, які скача праз агароджу. Таму мы хацелі спыніцца на прыродным ландшафце горада. І выявілі, што раней, відавочна, тут была гарыстая мясцовасць. Мы натыкаліся на даволі дзіўныя пейзажы з абрысамі пабудоў, імшыстымі бярвеннямі, — дадаў Дзмітрый.

Сакральна-чароўным атрымаўся горад у нарысе «Гродна нябачны». Складваецца ўражанне, што гэта нібы партал у іншы свет, а з-за пагорка вось-вось выскачыць дракон, — апісвае сваё падарожжа пісьменнік і звяртае ўвагу на плазмоіды (плазменныя згусткі), якія трапілі ў аб’ектыў фотакамеры.

Сяргей Трашко раіць засяроджвацца не толькі на тым, што пішуць у даведніках, але і самім шукаць цікавыя мясціны. А такіх нямала ў кожным населеным пункце. Варта толькі прайсціся іншымі сцежкамі, змяніць маршрут, убачыць знаёмыя мясціны з другога боку. Магчыма, гэта дапаможа змяніць штосьці і ў сабе саміх.

У зборніку сабрана каля сотні твораў амаль 50 аўтараў. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Людміла Кебіч называе змест зборніка гродназнаўствам.

— Гэта не першы зборнік пра Гродна. Праект стартаваў у 2008 годзе і быў прысвечаны 880-годдзю горада. Адбылося два перавыданні, зборнік уручалі ў якасці падарунка прадстаўнікам усіх дыяспар падчас правядзення Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. У зборніку было шмат ілюстрацый нашых гродзенскіх мастакоў, а многія вершы суправаджаліся нотамі. І вось праз пяць гадоў мы працягваем праект. За гэты час сабралася нямала новых твораў, многія нават не ўвайшлі ў кнігу, мы ўключылі толькі самыя моцныя. Зборнік, дарэчы, адзначаны ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, яго старшыня Алесь Карлюкеіч заўважыў, што кніга не толькі прыгожая па знешнім выглядзе, але і якасная па зместу, дзе ўсебакова і сцісла паказаны горад, — расказала Людміла Кебіч.

Праз пяць гадоў магчымы працяг праекта. Тады гораду будзе 900 гадоў. Ёсць час зрабіць новыя цікавыя жанравыя і гістарычныя даследаванні ў мінулым і сучасным жыцці старажытнага Гродна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара