Замежнікі, якія прыязджаюць у нашу краіну паправіць здароўе, у асноўным робяць гэта па такіх кірунках, як кардыялогія, анкалогія, афтальмалогія, хірургія і нейрахірургія. Традыцыйна карыстаюцца попытам стаматалагічныя паслугі. А вось найбольш сродкаў медыцынскі турызм прыносіць па такіх галінах, як транспланталогія і гематалогія, а таксама пластычная хірургія.

Беларускія санаторыі карыстаюцца попытам у нашых суседзяў даўно. Праўда сёння мяняецца аўдыторыя здраўніц і, адпаведна, патрабаванні да іх. Таму ў многіх санаторыях сёння ўмовы імкнуцца прывесці да сусветных стандартаў гасціннасці. Ужо недастаткова дыетычнага харчавання, наведвальнікі жадаюць шведскі стол, і аднымі медыцынскімі працэдурамі не абмежавацца: санаторыі будуюць асобныя СПА- і велнес-цэнтры. Што жадаюць бачыць медыцынскія турысты, і наколькі гэта супадае з магчымасцямі айчыннай медыцыны і санаторна-аздараўленчых устаноў, расказалі спецыялісты.


Градзірня ў «Прыазёрным»

Градзірня ў «Прыазёрным»

Брэнд краіны

Айчынныя санаторыі — вядомы і сталы брэнд нашай краіны, адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў. Іх колькасць і якасць паслуг сталі важнымі фактарамі прыцягнення ў нашу краіну замежных турыстаў. Гэта і адно з любімых месцаў саміх беларусаў для аздараўлення ўнутры краіны.

— Цікава назіраць, як пашыраецца геаграфія тых, хто прыязджае ў беларускія санаторыі. Некалькі тыдняў таму да нас звярнуліся з беларуска-мальдзіўскага культурнага цэнтра, які адной са сваіх мэт ставіць развіццё беларуска-мальдзіўскага медыцынскага і аздараўленчага турызму. Яны дэтальна аналізавалі міжнародны рынак, накіравалі тэставых турыстаў у Беларусь, каб паглядзець, якія сэрвісы аказваюцца. І прыйшлі да высновы, што наша краіна прадастаўляе аптымальныя па суадносінах цаны і якасці паслугі, і адкрылі на Мальдзівах такі цэнтр, дзе інфармуюць аб тым, якія паслугі прадастаўляюцца, і рыхтуюць кліентаў да паездкі ў Беларусь. На мінулым тыдні падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, — падзяліўся Дзмітрый Марозаў, дадаўшы што і ў такім экзатычным месцы, дзе прынята праводзіць адпачынак, ёсць людзі, якія зацікавіліся медыцынскім турызмам у нашай краіне.

Ён адзначыў, што лячэбна-аздараўленчы турызм больш масавы, чым медыцынскі. Але апошні патрабуе развіцця спадарожных відаў — пражывання, экскурсійнага абслугоўвання, трансфераў і іншага.

У лячэбна-аздараўленчым шмат зваротных турыстаў, якія выбіраюць упадабаны санаторый і вяртаюцца туды раз за разам.

— Бываюць цікавыя выпадкі, калі госці жывуць на працягу доўгага часу. Жанчына здавала ў арэнду сваю кватэру ў Санкт-Пецярбургу і жыла ў беларускім санаторыі. Яе ўсё задавальняла: і абслугоўванне, і медыцынскія паслугі, — прывёў прыклад Дзмітрый Марозаў.

Кардыялогія, анкалогія, транспланталогія

Як адзначыў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі ААТ «Медыцынская ініцыятыва» Аляксандр Трус, медыцынскі турызм у нашай краіне набірае абароты. Аднак гэта нішавая і самая складаная галіна турызму, якая патрабуе індывідуальнага падыходу да кожнага.

Самымі запатрабаванымі ён назваў такія кірункі медыцынскага турызму, як лячэбны, дыягнастычны, эстэтычны. І дадаў, што цяпер змяняецца геаграфія медыцынскіх турыстаў.

— Як і раней, захоўваецца асноўная плынь гасцей з краін СНД, у прыватнасці з Расіі. Пры гэтым моцна павялічылася колькасць турыстаў з Кітая. У 2023 годзе было нямала гасцей з Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Грузіі. Дзякуючы візавай палітыцы шмат людзей прыязджае за атрыманнем медыцынскай дапамогі з Латвіі і Літвы. Не змяншаецца плынь медыцынскіх турыстаў з краін СНД: тут адзначу такія краіны, як Казахстан, Узбекістан, Туркменістан, — расказаў Аляксандр Трус.

У 2023 годзе найбольшым попытам у замежных грамадзян карысталася медыцынская дапамога па кардыялогіі, анкалогіі, афтальмалогіі, нейрахірургіі, хірургіі. Класічная стаматалогія традыцыйна з’яўляецца мекай медыцынскага турызму ў Беларусі. Па эканамічных паказчыках лідзіруюць такія кірункі, як транспланталогія і гематалогія: як вядома, наша краіна ўваходзіць у топ краін па трансплантацыі касцявога мозгу і органаў. Попытам у замежных грамадзян карыстаюцца пластычныя і барыятрычныя аперацыі.

Басейн з мінеральнай вадой у санаторыі «Прыазёрны»

Басейн з мінеральнай вадой у санаторыі «Прыазёрны»

— Мы бачым, што развіццё медыцыны ў нашай краіне садзейнічае развіццю медыцынскага турызму, нягледзячы на тое што напрамак з’яўляецца нішавым. Да нас едуць за безумоўнай якасцю, сістэме аховы здароўя Беларусі давяраюць, прычым давяраюць гадамі, давяраюць сям’і. Гэты кірунак варта ўключаць у турыстычныя комплексы і прадаваць як турыстычныя паслугі, — выказаў меркаванне Аляксандр Трус.

Установы аховы здароўя Мінска ўжо распрацоўваюць стандартызаваныя праграмы, напрыклад, «Жаночае здароўе», «Жаночае здароўе 25+», «Жаночае здароўе 50+», комплексныя чэк-апы. Кожны чалавек іх можа прайсці, прыязджаючы ў Беларусь у госці, у дзелавую паездку, на экскурсію, за адзін-тры дні за адносна невялікія грошы. Ёсць госці з іншых краін, якія прыязджаюць у Беларусь на тры-сем дзён наведаць культурна-гістарычныя лакацыі, і за гэты час атрымліваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. А потым вяртаюцца з сем’ямі за цэлым комплексам медыцынскіх паслуг.

— Нягледзячы на тое што медыцынскі турызм сутыкаецца з большымі цяжкасцямі, чым любы іншы від турызму, гэты кірунак апошнія пяць гадоў застаецца не толькі перспектыўным, але і актыўна развіваецца арганізацыямі нашай краіны. Гэта стварае перадпасылкі не толькі для абслугоўвання замежных грамадзян, але і падцягвае сістэму ў цэлым, паляпшаючы якасць медыцынскай дапамогі грамадзянам нашай краіны, — рэзюмаваў Аляксандр Трус.

Не горш, чым на курорце

Амалоджваецца і мяняецца аўдыторыя беларускіх здраўніц. Калі раней гэта былі пераважна людзі пенсіённага ўзросту, то цяпер шмат наведвальнікаў сярэдняга ўзросту. Паводле інфармацыі намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Белаграздраўніца» Віктара Панамарова, наведвальнікі ад 30 да 59 гадоў складаюць 49%, ад 60 да 80 — 40%.

У структуры таварыства восем санаторыяў, у тым ліку чатыры дарослыя: «Радон» (Дзятлаўскі раён), «Парэчча» (Гродзенскі раён), «Рассвет-Любань» (Любаньскі раён), «Сасновы бор» (Маладзечанскі раён) і дзіцячыя «Случ», «Сонейка», «Расінка» і «Налібоцкая пушча». Іх фонд — 2850 ложкаў.

Як расказаў Віктар Панамароў, стаўка ў здраўніцах робіцца на ўнікальныя прыродныя фактары. Мінеральныя радонавыя воды санаторыя «Радон» па сваім саставе блізкія да вады на знакамітых курортах Бадэн-Бадэна (Германія) і Яхімаў (Чэхія). Санаторый «Парэчча», які знаходзіцца ў 11 км ад Друскінінкая, карыстаецца падобнай вадой, якая выдатна падыходзіць для лячэння страўнікава-кішачнага тракта. Унікальная мінеральная вада і ў санаторыі «Рассвет-Любань», па саставу яна блізкая да трускавецкай. «Фішкай» санаторыяў з’яўляюцца і ўласныя сапрапелевыя гразі, яшчэ адзін унікальны прыродны фактар.

З Інстытутам фізіялогіі тут ствараюць свае тэхналогіі лячэння і аздараўлення, у прыватнасці, спелеакліматалячэбніцы, што карысна для людзей з алергіямі, захворваннямі верхніх дыхальных шляхоў, а таксама бурштынавая аэраіонатэрапія. Знаходжанне ў бурштынавым пакоі суправаджаецца ўдыханнем бурштынавай кіслаты, што карысна для ўмацавання імунітэту і пры пастковідным сіндроме. Выкарыстоўваецца і такая цікавая працэдура, як бурштынавы масаж ступняў.

Унікальная працэдура — «Сон на вуллях» — прымяняецца ў санаторыі «Сасновы бор». 40 хвілін такога адпачынку пад гудзенне пчол з удыханнем прадуктаў пчалярства маюць псіхатэрапеўтычны эфект, а таксама карысныя пры самых розных захворваннях — ад сардэчна-сасудзістых і нервовых да хвароб стрававальнай сістэмы, алергіяў і мігрэняў. Біярытмы пчол і здаровага чалавека ідэнтычныя. Арганізм хворага чалавека, знаходзячыся ў прасторы з велізарнай біяэнергетыкай пчалінай сям’і, падладжваецца пад гэты эталон, і хвароба адступае.

Сёння санаторыі ААТ «Белаграздраўніца» актыўна развіваюць СПА-паслугі, касметалогію, бо да 75% наведвальнікаў — жанчыны. Каля 45% наведвальнікаў — расіяне. Ёсць госці і з дальняга замежжа — Германіі, Галандыі, Ізраіля, ЗША, Казахстана, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі.

Комплекс лазняў, саляная градзірня і поле для міні-гольфа

Госці з 25 краін свету пабывалі летась у санаторыі «Прыазёрны», што размешчаны на беразе возера Нарач. Пры гэтым 60% адпачывальнікаў — беларусы. Астатнія амаль 40% — госці з Расіі. Ёсць тут і госці з краін Балтыі, якія прыязджаюць у нашу краіну па бязвізе, і з Азербайджана.

— Больш за 30% нашых наведвальнікаў — пастаянныя госці, якія былі ў нас ад двух да 10 разоў. Больш за тысячу чалавек правялі ў нашым санаторыі 100 дзён і больш, некаторыя нават у год прыязджаюць па некалькі разоў, — расказаў дырэктар Рэспубліканскага санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Санаторый «Прыазёрны» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Сяргей Нехвядовіч.

Здраўніца ўваходзіць у топ-3 у Беларусі па ўмяшчальнасці і разлічана на 460 месцаў (каля 300 нумароў). Што ж трэба, каб іх запоўніць наведвальнікамі?

— У нашым санаторыі і ў галіне ў цэлым назіраюцца такія тэндэнцыі, як амалоджванне гасцей і змяненне аўдыторыі. Людзі, якія раней адпачывалі толькі ў Турцыі і Егіпце, перагледзелі сваё стаўленне і зразумелі, што ў санаторыі можна адпачыць не горш. Адсюль павышаецца патрабаванне да сэрвісу: тыя людзі, якія маюць вопыт адпачынку на сусветных курортах, свае патрабаванні распаўсюджваюць на санаторыі, і мы стараемся развівацца ў адпаведнасці са стандартамі гасціннасці, прынятымі ў свеце. Таксама ёсць запыт на адпачынак з дзецьмі. Трэнд апошніх пяці гадоў — расце попыт на туры выхаднога дня. Яшчэ адзін трэнд — зніжэнне сезоннасці, — пералічвае змены ў настроях наведвальнікаў Сяргей Нехвядовіч.

Санаторыям прыходзіцца адпавядаць новым патрабаванням. Сёння «Прыазёрны» — цалкам сучасны санаторый са СПА-цэнтрам, дзе маецца басейн з мінеральнай вадой, а таксама пясчаны і васкавы пакоі, асноўны басейн з комплексам лазняў (фінскай, рускай, турэцкай і пакоем з ільдом), трыма кафэ, боўлінгам, танцавальным клубам, велнес-цэнтрам, полем для міні-гольфа. Сёлета на возеры Нарач быў абсталяваны ўласны пляж у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

Унікальным аб’ектам на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца саляная градзірня «Прыазёрнага». Мінеральная вада з трохметровай вышыні сцякае па бярозавых галінках, выпарваючыся і распыляючыся, утвараючы такім чынам прыродны інгаляторый. Адпачывальнікі могуць неабмежаваны час удыхаць насычанае іонамі солі паветра, падобнае па саставе да марскога.

Таксама на тэрыторыі санаторыя абсталяваная дарожка Кнэйпа з камянямі рознай фракцыі для хаджэння басанож і басейнам з мінеральнай вадой.

Нумары, а яны на розны густ: ад адна- да трохпакаёвых, — абсталяваны вадкакрышталічнымі тэлевізарамі, халадзільнікамі, Wі-Fі. У міжсезонне яны каштуюць ад 179 рублёў у суткі. Харчаванне арганізавана па тыпе шведскага стала, але адрозніваецца ад рацыёну ў атэлях і на курортах, бо тут захоўваецца дыетычная скіраванасць. Ёсць нават безглютэнавыя і безлактозныя стравы.

У санаторыі даступныя каля 100 відаў медыцынскіх паслуг — ад традыцыйных масажу, электра- і водалячэння да сучасных азонатэрапіі, карбоксітэрапіі, крыатэрапіі, вакуумна-ўдарна-хвалевай тэрапіі. «Прыазёрны» прапануе розныя віды адпачынку: як па класічных санаторна-курортных пуцёўках, так і туры выхаднога дня са СПА ці медыцынскім напаўненнем, комплексныя медыцынскія праграмы, у прыватнасці, такія як «Антыстрэс», «Школа стройнасці», «Сексуальная гармонія», «Здаровы сон», «Здаровы кішэчнік» і іншыя.

Алена КРАВЕЦ