Такія кнігі, адну з якіх мне пашчасціла адкрыць, — рэдкая з’ява ў сучасным айчынным кнігавыданні. Размова пра асобнік «Аршанская зямля. Вялікая гісторыя малой радзімы» — сапраўдны фаліянт, што пабачыў свет у выдавецтве «Форум». Укладальнікі калектыўнай працы — Валянцін Голубеў, Таццяна Бялова, Алена Пастэрнакевіч. Пад адной вокладкай сабрана амаль 100 умоўных друкаваных аркушаў.


Выдаўцы падкрэсліваюць на адной з першых старонак, што кніга выдадзена ў Год міру і стваральнай працы. І побач з гербам — словы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі: «У нас ёсць спрадвечныя светапоглядныя асновы, якія робяць беларусаў нацыяй. Іх нельга страціць. Задача — зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі». А праз старонку — эпіграф неўміручага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча — з яго знакавага твора «Орша»:

«Яна не блішчыць красою,

А ў сэрца навек запала

З паркам сваім змарнелым,

З сваёй Кабыляцкай гарой,

З лянівай сястрой Аршыцай,

Што летам бруіцца памалу

Ў шырокі, як песня наша,

Магутны, сівы Дняпро».

У «Аршанскай зямлі...» — сем раздзелаў: «Рша», «Прывілей», «Буквар», «Вера», «Замкі», «Войны», «Радзіма». Аповед пачынаецца з далёкай мінуўшчыны. На самым пачатку выдання пададзены гістарычны каляндар — «Орша ў коле часу». Адметна, што істотнае месца займаюць у ім падзеі, даты, звязаныя з тысячагоддзямі да нашай эры, са стагоддзямі да вызначальнага 1917 года. Несумненна, сучасны летапіс носіць даволі падрабязны характар.

Уражваюць дызайнерскія, мастацкія рашэнні ў афармленні кнігі. Літаральна кожная ілюстрацыя (а іх у «Аршанскай зямлі...» сотні) працуе на змест, дапаўняе словы, дазваляе затрымлівацца на кожнай старонцы. Вельмі моцнай падаецца тая частка, дзе распавядаецца пра археалагічныя знаходкі ў Оршы і ваколіцах. І гэта невыпадкова. Адзін з аўтараў кнігі — доктар гістарычных навук, вядомы беларускі археолаг Вольга Ляўко (1947–2021), якая, на вялікі жаль, не дачакалася выхаду ў свет гэтай унікальнай працы. Рэпрадукцыі старадаўніх мініяцюр, карт ствараюць атмасферу прысутнасці ў далёкіх часінах. Аўтары кнігі падрабязна ўзнаўляюць асноўныя фрагменты Аршанскай гісторыі, у якасці аргументаў прыводзяць архіўныя дакументы. Даволі цікавым падаецца нарыс «Гербы горада Оршы». Яго дапаўняе расповед «Гербы Аршанскага раёна». Свая адметная геральдычная «біяграфія» ў Копысі, Балбасава, Барані — слаўных паселішчаў Аршанскай зямлі, кожнае з якіх вартае асобнага кніжнага выдання. Мяркую, што фаліянт, выпушчаны ў «Форуме», зрушыць ініцыятыву мясцовых даследчыкаў, мясцовых краязнаўцаў — і ў дадатак да існуючай ужо бібліятэкі кніг пра Аршаншчыну з’явяцца новыя выданні. Іх не хапае ў школьных бібліятэках, яны патрэбныя ва ўсіх ВНУ краіны. Такія кнігі выхоўваюць праз веды сапраўдны патрыятызм.

Ужо з першых старонак «Аршанскай зямлі...» поруч з дакументальнымі, навукова-папулярнымі, публіцыстычнымі тэкстамі і фатаграфічным і мастацкім ілюстрацыйным матэрыялам да ўвагі чытачоў — малюнкі таленавітага, яркага мастака Каміля Камала. Ён, захоўваючы свой светапогляд, узіраецца ў сівыя стагоддзі, у самыя розныя падзеі. Кніжны графік паказвае жыццё і людзей праз уласнае шкельца асэнсавання Оршы і яе насельнікаў. Ён, мастак, не развітваецца з чытачом, адлюстраваўшы даўніну, а крочыць па ўсёй кнізе…

Першыя раздзелы «Аршанскай зямлі...» пераконваюць у тым, што каманда навукоўцаў, публіцыстаў здолела працаваць у «адным ключы», ведаючы, дзеля якой мэты іх аб’яднала выдавецтва, аб’ядналі ўкладальнікі кнігі. А мэта надзвычай адказная — стварыць папулярную і разам з тым надзвычай грунтоўную, дакладную ў выкладанні гістарычнага і сучаснага матэрыялу энцыклапедыю. І мэта — сумнявацца ў гэтым не даводзіцца! — дасягнута!.. Прыклад такой супольнай працы ўражвае. Аб’яднанне вакол аднаго выдавецтва гэтулькі аўтарытэтных аўтараў — таксама вартая ўвагі падзея.

Старонкі раздзела «Духоўнае жыццё Оршы канца XVІ—XXІ стст.» можна з пэўнай доляй дакладнасці лічыць асобнай кнігай ці на крайні выпадак — асновай для кнігі на гэтую тэму. Храмы ў Оршы будавалі на працягу ўсяго Сярэднявечча. Як сведчанне гэтага, захавалася знакамітае Аршанскае рукапіснае Евангелле XІІІ ст. У 1593 г. рускі дзяк Ціхан Карабейнікаў у сваіх дарожных нататках адзначыў наяўнасць у Оршы сямі прыходскіх цэркваў. Падрабязны расповед у гэтым раздзеле — пра Куцеінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр. Можна, прачытаўшы яго гістарычную «біяграфію», прагледзеўшы добрых два дзясяткі ілюстрацый, прысвечаных манастыру, адразу выбірацца ў вандроўку да гэтых мясцін.

Асобная тэма ў «Аршанскай зямлі...» — Вялікая Айчынная вайна, абарона Оршы ў 1941 годзе, вызваленне Аршаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (горад быў вызвалены 27 чэрвеня 1944 года — войскамі 11-й гвардзейскай арміі і 31-й арміі), партызанская барацьба на Аршаншчыне. Падрабязна расказваецца ў кнізе пра Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Унікальныя здымкі сведчаць і пра падзеі, звязаныя з ушанаваннем подзвігаў гэтага легендарнага арганізатара партызанскагга руху: пра тое, як у 1955 г. усталёўваўся помнік К. Заслонаву. Нельга без хвалявання ўглядацца ў фотаздымкі пра першыя дні пасля вызвалення... Гэтыя ілюстрацыйныя дакументы яшчэ многія дзесяцігоддзі і стагоддзі будуць расказваць нашым нашчадкам пра здзекі фашыстаў і іх памагатых з мірных жыхароў, пра генацыд народа Беларусі. Такое не забываецца! За такое не даруюць!..

Выданне «Аршанскай зямлі...» — працаёмкі творчы, друкарскі праект. Кніга аддрукавана на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа і сведчыць пра адказнасць, высокі ўзровень працы нашых паліграфістаў, іх шырокія творчыя і тэхналагічныя магчымасці.

Кастусь ЛЕШНІЦА