Любімая птушка і неафіцыйны сімвал беларусаў — белы бусел — вярнуўся ў Мінск. З блакітнага неба ён прызямліўся на сваё абжытае месца, вельмі шыкоўнае, бяспечнае — на цэнтральны сеткаваты купал Мінскага заапарку. Адсюль буслу адкрыты прыгожыя далягляды ракі Свіслач, шматпавярховікі і славутая «Чыжоўка-арэна» на беразе вадасховішча з такой жа назвай.


Прыляцеў, паглядзеў, пачысціў і паднавіў гняздо. Пакуль бусла не было, там гаспадарылі мясцовыя вароны ды сарокі. Бусел і зараз іх адганяе. Арнітолагі свярджаюць, што пасля 3-5 дзён, дадзеных самцу на агледзіны абставін, павінна з’явіцца птушка-самка. Чыжоўскі бусел прыляцеў у пачатку сакавіка, і пакуль што без сям’і. Аднак, асноўную місію ён выканаў — абвясціу людзей пра надыход вясны. Хутка прыляціць да нашчадка першага пастаяльца заапарка бусла Журкі, адмытага ад мазуту ў 1984 годзе, бусліха, і з вялікага гнязда будуць выглядваць малыя клювікі. Нехта з бацькоў будзе лятаць да суседняй дамбы, як было летась, і карміцца амаль з рук рыбакоў. 

У Мінскім заапарку, акрамя буслінай сям’і, даўно прапісанай на купалу, жыве яшчэ адна — на слупе каля службовага ўваходу. Тут пакуль пуста. Гэтыя дзве сям’і балотных птушак да 2023 года былі аздінымі на ўвесь Мінск. Але летась у заапарк прынеслі «Журку нашых дзён» — вельмі перамазанага мазутам і ледзь жывога бусла. Акрыяў, аднак на крыло яшчэ не стаў. Знаходзіцца гэтая птушка ў авіярыі — прасторным вальеры каля азярца ў нядрэннай кампаніі некалі такой жа пацярпелай белай чаплі. Цяпер гэта прыгажуня, на якую варта паглядзець. Як і на іншых насельнікаў заапарку.

Тамара ХАМІЦЕВІЧ