22 лістапада 2025 года а 12.00 у прысядзібным флігелі музея «Лошыцкая сядзіба», філіяле Музея гісторыі горада Мінска, на выставе «Выцінанка: традыцыі ва ўзорах» народны майстар Беларусі, лаурэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Наталля Клімко правядзе майстар-клас па вырабу выцінанкі-выбіванкі «Каляровая альтанка».

Выбіванка – разнавіднасць народнага мастацтва выцінанкі, якое атрымала распаўсюджанне на Навагрудчыне і ў Гродзенскай вобласці. Наталля Аляксандраўна Клімко на працягу дзесяцігоддзяў займаецца адраджэннем і папулярызацыяй традыцыйнай Навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў 2014 годзе занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Падчас майстар-класа Наталля Клімко пазнаёміць з адметнай тэхнікай «выбівання» малюнкаў на паперы спецыяльнымі інструментамі: долатам, расплюшчаным цвіком ці металічнай трубачкай. Асновай служыць рамбавідная сетка, якая нагадвае ўзор традыцыйнага гардзіннага палатна. На гэтай аснове размяшчаюць сіметрычныя буйныя кветкавыя матывы ці цэлыя букеты, а па краях вырабаў часта выбіты ўпрыгожванні ў выглядзе паўмесяцаў або вугольнікаў.

Музыкальнае суправаджэнне майстар-класа прагучыць у выканні мультыінструменталіста Кацярыны Радзівілавай, носьбіта элемента нематэрыяльнай спадчыны «Культура беларускай дуды ў г. Мінску».

 

Клімко Н.А. – народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, у 2009 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аддзяленне «Народныя рамёствы», мастацкі кіраўнік калектыву майстроў «Каляровая альтанка» Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Н.А. Клімко – аўтар каля 100 работ, некаторыя з якіх захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Гісторыка-мастацкім музеі г. Дамадзедава, Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, Маладзечанскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і інш.

Радзівілава К.П. – музыкант, мультыінструменталіст, скончыла Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.Глінкі, настаўнік вышэйшай катэгорыі па класе флейты і дуды Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №3 імя Ф. Шапэна г. Мінска. Прымала ўдзел у праекце па даследаванні культуры беларускай дуды і наданні ёй статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

 

Дадатковая інфармацыя і запіс па тэлефоне: (017) 396 18 86, праз электронную пошту loshytsa@minskmuseum.by, альбо сацыяльныя сеткі музея Укантакце, Facebook і Instagram (/loshytsamuseum).